Недаписаны лист з фронту
“Любовь сильнее смерти и страха смерти.
Только ею, только любовью держится и движется жизнь”
(Иван Сергеевич Тургенев)
Яго знайшоў сучаснік невядомы,
Лісточак шэры з плямамі зямлі…
Пісаў салдацік з фронту ліст дадому:
– Ах, мае дзеткі! Толькі б вы жылі!
Жыву з адной на фронце думкай, мэтай.
Не я адзін, мы ўсе за вас – сцяной.
Чакаем тую трэцюю ракету,
Што павядзе ізноў за вас у бой.
Я пра сябе пісаць не буду многа.
Ды й што пісаць? Жывы, калі пішу.
Я кожны дзень звяртаюся да Бога
І зберагчы сям’ю маю прашу.
Прашу за край мой і маю краіну…
– Дзе справядлівасць тая? Дзе ж яна?
Я веру – ёсць! І нават, калі згіну,
То сейбіта сустрэне баразна.
Хай не мяне. Заменяць нас. Я веру.
Сваім жыццём прадоўжаць нас сыны.
Дай Бог сагнаць з зямелькі роднай звера,
Што свет знішчае ў полымі вайны.
Прашу цябе я, любая Аленка!
Будзь асцярожнай! Беражы дзяцей!
Табе да твару новая сукенка,
Ты ў ёй за ўсіх на свеце прыгажэй!
Даўно я не казаў табе «кахаю»,
Дый не люблю я многа гаварыць…
Ты ведаеш, заўжды пра вас я дбаю,
Дый за Радзіму сэрцайка баліць.
Пытаеш пра салдат, хто разам, побач?
– Сярго – грузін, Іван з-пад Кастрамы,
Сцяпан Супрун, шахцёр з Крывога Рога,
А з беларусаў – родны брат кумы.
Казахі ёсць, кіргізы і татары,
Літовец Юргіс, Джабраіл з Баку…
Усе мы тут героі і ахвяры
Вайны навалы ў баявым палку.
На фронце сотні, усіх не пералічыш.
Сабрала нашу моц вайна ў кулак.
І гэту моц, што з душ ідзе - не знішчыш!
Ды й не перамагчы яе ніяк!
Прабач мне ўсё, мая ты дарагая!
Я сэрцам з вамі вераю жыву…
На гэтым свой аповед завяршаю.
Забыў спытаць!?…
І – куля ў галаву…
Лісток зляцеў з далоняў амярцвелых
І, як жывы, схаваўся за акоп,
Нібы душа жывая праляцела
Над воем тым, які ўжо і не соп.
А фронт кіпеў. Атакі, танкі, стрэлы…
Палі гарэлі, рвалася зямля…
І толькі ліст ляжаў, як вой, знямелы,
І сведка, што любоў перамагла.
Свидетельство о публикации №125080105226