Паравоз перамогi
Шлях да Радзімы быў адзіны.
З Берліну ў вёску дзядзька вёз
Машынку Singer i гадзіннік.
У скрынцы, што зрабіў ён сам,
Ляжаў сервіз, відэльцы, ваза...
Квітнеў на вазе белы сад,
Які яднаў вайскоўцаў разам.
Курыў вясёлы той вагон,
Іграў гармонік вальс сустрэчы.
Пілі салдаты самагон,
Ігралі ў карты... Стаўкі -- рэчы.
Вайна забрала ў іх сяброў.
Яна парушыла ўсе планы.
Жыў родны дзядзька за Дняпром
У доме, што забраў у пана.
Яго сям'я -- ажно шэсць душ:
Антось, Міхал, Яўхім ды Ганна.
Яшчэ -- жана, ды ейны муж.
Кахаць жану -- хіба ж загана?
Мой дзядзька ехаў не адзін.
Ён вёз з вайны свайго суседа,
З якім не раз у бой хадзіў,
Якога вельмі добра ведаў.
Вось толькі Стэфан быў без рук.
Вайна ў апошнія гадзіны
Забрала іх... Нямецкі брук
Стаў сведкам страты іх адзіным.
Ля Шпрэі быў жахлівы бой --
Вада і кроў людзей кіпела.
Хіба ж была ў салдата бронь
Ад той вайны, што рукі мела?
Свидетельство о публикации №125072805521