Аб гэтым i аб тым

Пішу аб гэтым і аб тым,
што мне радней адно другога.
Паміж бярозак і ялін
жыцця майго лягла дарога.

Зусім маленькі, як шчаня,
што ў бок штурхае носам мамку,
шукаў тут лёс шчаслівы я,
ў сусвет адкрыўшы неяк брамку.

Пайшоў туды, дзе кветак пах,
дзе лес шуміць, дзе рэчка ўецца,
дзе над зямлёй крылаты птах
і плача, быццам, і смяецца.

Прайшоў уздоўж і папярок
мясціны родныя – пабачыў,
як збажыны стаіць снапок
пад сонцам жнівеньскім гарачым.

І як камбайны па жніву,
бы караблі, плывуць па моры,
а я за імі ўслед бягу –
як песня, іх гучаць маторы.

Мне тых сцяжынак не забыць,
іржышча тое, дол калючы,
бо так хацелася там жыць,
паветра  водар піць гаючы.

Пішу аб гэтым і аб тым,
падзякай поўняцца ўспаміны,
сваіх пачуццяў пілігрым
і каласок сваёй Айчыны.


Рецензии