Смажацца лiсiчкi. Сонца устала...

***
                             Міхасю Башлакову

Смажацца лісічкі. Сонца ўстала.
Зараз зноў пайду ў сасновы лес.
Многа быту, захаплення мала,
Мала будзе слёз у "паэтэс".

Дый у лесе музыка не ўспыхне,
Не заплача сойка нада мной.
Нават вецер, дык і той  заціхне.
Буду браць лісічкі пад сасной.

Многа быту, захаплення мала.
Чым жа захапляцца ў гэты час,
Калі нас амаль ужо не стала
І па мове не пазнаюць нас?

Захапляцца, можа, нам царамі,
Што знішчаюць мову і народ?
Можа, тым, што мы жывём рабамі
З веку ў век і з году ў кожны год?

Захапляйся! Толькі я - не буду.
Мне не трэба прэмій адрабляць.
Набяру лісічак сёння груду,
Буду быт нанова апяваць.

Бо жыву і жыў я так, як людзі.
Хіба меней пра жыццё маўчу.
Захапленне чалавек забудзе,
Я ж такое долі - не хачу.

Адрабляйце прэміі і званні,
Адраджайце наш народны дух!
Сонца ўстала і настала ранне.
Трэба ў лес, пакуль там меней мух...

24. 07. 2025 г.


Рецензии