Вырай
леанід ПРАНЧАК
Адспявала лета залатое,
Громам навальнічным адгуло.
Складваецца ўражанне такое,
Што яго, нібыта не было.
Цеплыня за мора адступае,
Чую я, бы пералётны птах,
Як зямля паволі засынае,
Як лісцё ўсцілае гразкі шлях.
Над панурым лесам і палямі,
Між аблокаў вырай бачны ледзь.
Паляцеў бы следам за бусламі,
Ды не маю крылаў, каб ляцець.
А, каб меў я нават тыя крылы,
Мне яны нічога б не далі,
Бо няма мацней на свеце сілы,
За магніт радзімае зямлі.
Тут мяне мацуе і трымае
Ад з’яўлення і да забыцця
Беларусь,
Каханая, святая,
Сэнс майго няскладнага жыцця.
Тут мне жыць і ўвосень сеяць жыта.
Тут трываць самоту і макрэдзь...
Вось чаму, хоць хочацца нібыта,
Не змагу я ў вырай паляцець!
18.07.2022
18.07.2025
Свидетельство о публикации №125071802145