Вечная скруха
леанід ПРАНЧАК
Светлай памяці А.С.
Раненаю птушкаю ўпаду,
Вынесці не ў сілах лёс лядачы,
У густы аер ці ў лебяду,
Каб ні чуць нічога і не бачыць.
Скончыліся сілы, як вада
У шкляным замызганым графіне.
І нягод суцэльных чарада,
Нібы хлеб штодзённы на мякіне.
Анікога побач, ні душы.
Водар лета, нібы бражка, хмеліць.
І ў цямрэчы зболенай начы
Аніхто мой смутак не раздзеліць.
Бо, калі застаўся сам на сам
З цэлым светам, што не перайначыць,
Мітусня былых жыццёвых драм
Анічога існага не значыць.
Попелам развеецца журба.
Позна плакаць, самы час маліцца.
Стала рэхам крыўда і жальба.
Мне самота – родная сястрыца.
Адпадаюць хціўцы і сябры,
Мазаныя тым жа самым мірам.
Больш не буду, хворы і стары,
Я нікому сябрам і кумірам.
Сцішаная радасць гаркаты,
Лайма горыч і пякучасць солі…
Рай нябесны – горад залаты,
У які не трапіць мне ніколі.
Трэскаюцца вусны, як асфальт,
Драцянеюць пальцы, чэзне голас.
Дзе цяпер той люты хітры кат,
Хто казаў, што не ўпадзе ні волас.
Я табе паверыў, а дарма.
Словы, словы… Нібы пацяруха.
Як усё часова: быў-няма.
Вечная хіба што толькі скруха.
Прэсны смак суседчыных ажын.
Сойкі крык у намакрэлым вецці…
Адлюбіў, адмучыўся, аджыў.
Больш няма святла на гэтым свеце.
Раненаю птушкаю ўпаду,
Вынесці не ў сілах лёс лядачы,
У густы аер ці ў лебяду,
Каб ні чуць нічога і не бачыць.
Ціха і спакойна на душы.
Роўнядзь і зліняласць небасхілу.
Шкода толькі, што ў начной цішы
Не дапіў схаваную тэкілу.
12.07.2025
Свидетельство о публикации №125071202388