Я чую тло у подыху быцця...

    Апусцілася ноч
         і у сківіцах зноў трапяткая надзея,
    Я ўчапіўся ў яе,
         як да змогі загнаны воўк....

        ___________________________


Я чую тло у подыху быцця,
Я бачу падлін, паскіданых ў яму,
А побач сапсаваная куцця-
Калісь такую гатавала мама...

Стары і шэры памінальны стол,
Прамовы і размовы, кпіны, здзекі
Як караеды падтачылі ствол
І стол зваліўся на мае павекі...

І захінуў ад свету і гульбы,
Бясконцае гульбы паміж крыжамі,
Якую пэўна пачалі не мы,
Але з імпэтам значна падаўжалі...

Састаў рухомы надта аслабеў,
Працяглым енкам ён працяў акругу,
І пах чыгункай стогнучы напеў,
І ціснуў мне на горла як папруга...

Скамечанае шчасце ў далані
Цяпер зусім падобнае да смецця,
Яно не пусціць ў глебу карані,
Яго змардуе ганарлівы вецер...

Заслона часу сцішыць гэты боль,
Залева ў спёку зноў яго адновіць,
Нябёсы стануць нізкімі як столь
І жвавы розум ціскам запаволяць,

Раструшчаць шаты векавечных дрэў,
Раскрышаць ногі, пазламаюць шыі
І целы іх гаротныя прашыюць
Пад велічны і вусцішны напеў...


Рецензии