А давайце усiх пасадзiм...

***
А давайце ўсіх пасадзім –
І за тое, што сказаў,
І за тое, што падумаў,
І за тое, што маўчаў...

А калі хадзіў нагамі,
Таму вынесем прысуд,
Што хадзіў, але не з намі,
Шляўся недзе там і тут.

Бел-чырвоныя півоні
У суседзяў вунь цвітуць.
Можа, польскія шпіёны
Па суседству тут жывуць?

Дык давайце іх пасадзім!
Будуць ведаць, што садзіць!
А то ходзяць тут па садзе,
Не даюць спакойна жыць!

А другі сусед, як вып'е,
Можа й дулю паказаць!
Да яго нішто не ліпне,
Але ж можна даказаць!

А то раз казалі бабы
Пра скаціну, што падзеж.
Хіба ж жэншчыны то? Жабы!
А з такімі век жывеш!

Пасадзіць тых баб за краты!
Распусцілі языкі!
Злева вунь стаяць іх хаты –
У нізінцы ля ракі.

Хто маўчыць, і той не чысты.
Праз дарогу з ім жыву.
Падазрона ён пушысты!
Мо памераем траву?

Як за дваццаць – на галгофу,
Альбо хай заплаціць штраф.
Яшчэ ўчыніць катастрофу,
Бо не відна ж – у кустах!

На гары хтось да паўночы
Тэлевізар свой глядзеў.
Я яму сказаў бы ў вочы,
Што не чуў, каб гімн ён пеў!

Можа, мы й яго пасадзім?
Не ў турму, дык хоць на кол!
Бо з такімі мы не зладзім.
Адны здраднікі вакол!

А давайце ўсіх пасадзім –
І за тое, што сказаў,
І за тое, што падумаў,
І за тое, што маўчаў...

P. S.

Сам я толькі гэтых тураў
З азаронкамі гляджу.
У мяне губа не дура,
Я і дома пасяджу!

08. 07. 2025 г.


Рецензии
Вельмі смела, з падтэкстам.
З павагай да Вашай творчасці — Зміцер.

Дмитрий Тимофеевич Мирошниченко   10.07.2025 16:01     Заявить о нарушении
Спасибо вам, Дмитрий Тимофеевич!

Юрий Боровицкий   10.07.2025 21:37   Заявить о нарушении