А мне б туды

А мне б туды, дзе з летам гай гамоніць,
Каб збегчы ад няпрошанай тугі,
Туды, дзе травы сцелюцца на ўлонні,
Аснежаны рамонкамі лугі.

А мне б туды, дзе жыта каласуе,
Дзе сцежка ўецца полем напрасткі.
Там  песню бесклапотную пачую,
Як з ветрыкам шапочуць каласкі.

Крануць бы капялюшык у званочка,
У вочы незабудкам зазірнуць,
У духмяністым зёлкавым вяночку
Дзяцінства на хвіліначку вярнуць.

Надыхацца пахучага аеру
І канюшыны слодычу адпіць,
У добрае і светлае паверыць,
Надзею ад нягоды захіліць.


Рецензии