Невядомасць

Жыву ў пустэчы і адхланні --
Маўклівы час не кажа праўды.
Мой лёс -- нібы пясок на Лані,
Які чужым вятрам не рады.

У дні спякотным думцы млосна --
Яна ў вадзе спакой шукае.
Там мова літарай галоснай
Гучыць, бы звон, над родным краем.

Той гук знаёмы мне з народзін --
Б'е у набат мая Айчына.
Няма больш сымбаля ў народзе --
Згарэла мова, бы лучына.

Прыйшла ў мой край з Усходу здрада.
Прынесла нам сваю культуру.
Мы з ёй забылі слова радасць
І жнем на родным полі буру.

Дзе той народ? Дзе тыя песьні,
Што нас з Айчынаю ядналі?
Чаго ж маўчыш, маё Палессе,
Куды нясеш ты лёсу хвалі?

Расце, як прошча, невядомасць --
Мы для зямлі -- чужыя людзі.
Мы мову знішчылі свядома.
Мы ёю новы дзень не будзім.

17.08.2023


Рецензии