Цячэнне часу

ЦЯЧЭННЕ ЧАСУ
Леанід ПРАНЧАК

Жыву ці дажываю, сівы дзед.
Спазнаў зямных даброт за век я ўмеру.
Гарбата ўранку,
Кава – у абед,
Віна празрысты келіх–
На вячэру.

Гарбаты горыч – клопаты і тлум,
Якія, як анёлы, тут ці побач.
Тугі світанне, цёмнасць спраў і дум,
Пакуты слодыч і кахання роспач.

Гарбата дорыць мне вяртанне сіл.
Бадзёрыць лёс сустрэтае світанне.
І я рукой адсуну небасхіл,
Каб адцягнуць нягоду і змярканне.

Віруе кроў, каб зведаць, што хацеў,
Дагнаць, што прапусціў па недагляду.
Суцішвае трывогу пошум дрэў,
Трымціць душа ад юнага пагляду.

Дапіць баюся каву да глытка.
На гушчы варажыць бракуе спрыту.
Нясе мяне жыцця майго рака
Туды, дзе царства зораў і нябыту.

Прыходзіць мой найлепшы час за ўсе,
Якія зведаў на шляхах я ўтомных.
Вучуся піць гарбату пакрысе,
А каву прагна, як стары бяздомны.

Бо кава – кода лёсавых хвілін,
Калі душа сігналіць падсвядома,
Што прыйдзе час і буду я адзін,
На цэлым свеце, а не толькі ўдома.

Дастану з бара пляшку каберне,
Што прыхаваў для гэткага выпадку.
Напоўню келіх: Ісціна ў віне.
І вып’ю залпам келіх да астатку.

Вось і пражыты дзень, нібы жыццё.
Нясумна, звыкла, крышачку пагана.
Жыццё, як дзень. Надзей маіх лісцё
У спёцы лета дагарэла рана.

Чаго праймацца тым, што адыйшло?
Па тым, што страціў, ныць няма рэзону,
Пакуль мігціць нязгаснае святло
Дрыготкай свечкай у цішы амвону.

Такі цудоўны вечар за акном.
Жыццё п’яніць і абяцае свята.
А на рацэ трывог маіх паром
Сарваўся і паплыў, нібыта хата.

Яго цячэнне хуткае нясе.
А з берага мне ўслед крычаць парады.
Чаго тужыць, мы будзем там усе.
Там, дзе няма ні кавы ні гарбаты.

Ды ёсць віно. Адхланне хмарных дзён.
Адзіная да скону асалода.
Хоць, мо, яно камусьці і праклён.
А для мяне – цудоўная нагода

Чакаць, калі вось-вось наступіць ноч
І ахіне сады блакітным змрокам,
Дзе ўсё губляе сэнс. Усё, апроч
Напоўненага келіха, як вока.

Дастойны штрых, а, можа быць, дэталь
Спрадвечнага, як лёс, наканавання.
Мой сціплы келіх – велічны грааль,
Глыну глыток – і вернецца каханне.

І будзе новы дзень, світанне і
Гарбата на стале ў чысцюткай келлі.
І кава – у абед. І салаўі.
А ўвечар зноў віна празрысты келіх.

За годам год. За векам век. Заўжды.
Кругазварот. Падзеяў паўтарэнне.
Рака змывае з берага сляды.
Сляды нясуць удаль ракі цячэнне.

Уклад жыцця, прадуманы, як след.
Бо звычка, кагадзе, мацней за веру.
Гарбата ўранку,
Кава – у абед,
Віна празрысты келіх–
На вячэру.

23.06.2023


Рецензии