***

Паэту патрэбны крылы --
Без іх ён не здольны лётаць
І коням расчэсваць грывы,
І рваць для каханай лотаць.

Паэту патрэбна вера
І вобраз Айчыны-маці,
Каб з імі ісьці наперад
І множыць зямлі багацці.

Паэту патрэбна слова --
З яго вырастае песня,
Што стане жыцця асновай
І доляй народнай, весняй.

Паэту патрэбна неба,
Дзе ззяюць начныя зоркі.
Там кніга забытых ведаў
І голас натхнення звонкі.

Паэту патрэбна ціша
І водар прыгожых кветак.
Пакуль ён кахае -- піша:
Шукае ў пачуццях лета.

10.11.2023.


Рецензии