Я забяру свой сад з сабою
Калі сыду ў сваю вясну.
Заплачуць яблыні ад болю,
Які ў радках я нёс, нясу.
Заплача хмара каля хаты,
Заплача вішня, сліва, клён...
Слязу з вачэй змахне араты --
Я ж быў такім, як сёння ён.
Кажу сябрам -- вясна пачатак.
Яна народзіць дрэвы зноў.
Квітнецьме луг, а ў садзе хата
Пакліча з выраю буслоў.
Яны прытуляцца да стрэхаў
Сваім прытомленым скрыдлом.
Птушыны клёкат белым рэхам
Мяне пакліча ў родны дом.
Я прынясу ў гняздоўе веру
І сем разоў зраблю свой круг
Над полем тым, што зрокам мераў,
Калі трымаў вясною плуг.
Свидетельство о публикации №125052306154