Васiлю Быкаву, Народнаму пiсьменнiку Беларусi

Ля вёскі Бычкі -- васільковае поле.
Квітнее ўспамінам жывая зямля.
Хто крочыў праз поле -- той шлях свой адолеў
І волю нябёсаў пабачыў здаля.

Васілька, Базылька, што ж ведаць ты хочаш
Пра родную вёску з назовам Бычкі?
Паслухай! -- Удод па-над лугам рагоча,
Зіхцяць уначы ля кастра светлячкі.

Ад іх ты набраўся цярпення і веры.
А мужнасць дзядоў -- пераняў з малаком
Матулі, якой родны бацька паверыў,
Калі прыбіваў ёй штыкет малатком.

Расла Беларусь у тваім даляглядзе.
Мужнела на лузе з касою рука,
Калі касаўё ты мянташкаю гладзіў --
Узгадваў свой клас і свайго сябрука.

Вайна абарвала жаданні і лёсы.
Яна кіравала на вёску Бычкі:
На родную хату і тыя бярозы,
Дзе ззялі штоночы надзей светлячкі.

Учора -- з касою, а сёння на спуску
Васілька--Базыль свой трымае курок.
Знішчае захопнікаў па-беларуску,
Бо добра засвоіў вяскоўцаў урок.

Бычкі -- гэта Быкаў з вясковым сумленнем.
Бычкі -- гэта праўда твая, Беларусь.
Яе мы да волі, да веры павернем,
Калі зазіхцяць светлячкі у бару.

19.06.2024.


Рецензии