Незабудка

Мяне нарадзіла шчасьлівая маці
На хворай зямлі, дзе не любяць паэтаў.
Я вершы тварыў, бо не мог пахаваць іх
У лёгкіх сваіх, што ўдыхнулі паветра.

Я помню -- матуля шаптала ў палаце:
-- Не плач, мой сыночак, нас выпішуць хутка...
Я плакаў датуль, покуль голас не страціў --
У сэрцы маім расцьвіла незабудка.

Матуля з той краскай мяне нарадзіла.
Расла гэта кветка для долі і шчасьця,
Каб кожны мой верш, што пішу для Радзімы,
Квітнеў незабудкай, не зьгінуў у часе.

Прыгожая кветка мне радасьць дарыла:
Знаёміла з ветрам, знаёміла з полем,
Знаёміла з лёсам, што ўздыме на крыллях
У неба Айчыны, дзе лётала воля.

Твару для зямлі хваравітай, збалелай,
Што нас нараджае для шчасьця і веры.
З гадамі рука маіх думак сталела --
Цвіла незабудка на белай паперы.


Рецензии