Без вiны вiнаватыя
Вясеннiм цёплым ранкам я ехала ў аутобусе на працу. Пасажыраў было столькi, што, як кажуць, яблыку не было куды ўпасцi. У аутобусе ехалi на заняткi i студэнты ВНУ, i навучэнцы тэхнiкумаў i прафесiйна-тэхнiчных вучылiшчаў, супрацоўнiкi розных устаноў i прадпрыемстваў i г.д.
Ехала ў гэтым зласчасным аўтобусе i я. Зайшлi кантралёры. На наступным прыпынку я павiнна была выходзiць. Праязны дакумент мой знаходзiўся ў кашальку, якi ляжаў у маёй сумцы. Жанчына-кантралёр ветлiва папрасiла прад’явiць бiлет. Машынальна рука пацягнулася да сумкi, дзе ляжаў
кашалёк з грашыма, а там – праязны.
Сумка мая была адкрыта, i кашалька там не аказалася. Я разгубiлася, а кантралёр запатрабавала заплацiць штраф i купiць бiлет за праезд. Побач со мной стаялi маладыя людзi – юнакi гадоу 17-18-цi, мабыць, студэнты. Да аднаго з iх, якi стаяў блiжэй, я i звярнулася са злосцю и раздражэннем: «Дык гэта ты ўзяў мой кашалёк з сумкi?! Як табе не сорамна!» Пасажыры звярнулi на нас увагу. Пачалiся каментарыi ў адрас сучаснай моладзi. Юнак збянтэжыўся, пачырванеў, апусцiў
галаву i цiха прамовiў: «Я не браў вашага кашалька, нават не бачыў яго, але я магу заплацiць за вас штраф и купiць бiлет за праезд, мне мама дала грошы на абед, я аддам iх вам». Жанчына-кантралёр, мабыць, пашкадавала нас. Яна не стала браць грошы ў юнака, мяне паўшчувала i дала слушную параду, каб сумку ў людным месцы трымала спераду, а не ззаду, павесiўшы на плячо. Яна папрасiла вадзiцеля адчынiць дзверы аўтобуса i выпусцiць пасажыраў, у тым лiку i мяне.
Я iшла да месца сваёй працы, i слёзы мiжвольна кацiлiся з маiх вачэй. Здаецца, здарылася нязначная непрыемнасць, але як сорамна i балюча на душы!
Калi я палезла у сваю сумку за касметычкай, пад ёй убачыла свой кашалёк. Грошы i праязны бiлет ляжалi на месцы. Гэта стала яшчэ больш нечаканым сюрпрызам для мяне.
Я гатова была правалiцца скрозь зямлю, называла сябе и «бесталковай варонай», i «нiкчэмнай разявакай».
Прайшло шмат гадоў, але я часта ўспамiнаю гэту недарэчную гiсторыю. Перажыта многае ў жыццi, але погляд вачэй юнага чалавека, якога я несправядлiва абвiнавацiла, застаўся ў памяцi да гэтага часу. Ад шчырага сэрца я жадаю яму дабра и ўдачы, няхай сам Гасподзь возьме яго пад сваю ахову, а на ягоным шляху сустракаюцца толькi добрыя людзi.
Валянцiна Сачык, г.Мiнск
Свидетельство о публикации №125051703002