БОЛЬ

На Беларусі -- чорныя крыжы,
Бы тое поле, што ўзараў араты.
Няма тут месца для людской душы --
Куды ні глянь -- убачыш Курапаты.

Яны штогод нас клічуць да сябе,
Каб чалавек бяспамяцтва не зведаў.
Хусцінай чорнай лёг на твар кабет
Боль Курапат: боль прадзеда і дзеда.

Я гэты боль з народзінаў нясу,
Бо ён -- і мой,
І твой,
І ўсёй Айчыны,
Што ў змрочны час адрэзала касу,
Калі яе з народам разлучылі.

Мне гэты боль ад сэрца не адняць,
Бо ён брыняе з ім і днём і ноччу.
Гаворыць мне, каб выпіў я да дна
За ўсіх дзядоў, што ўстаць з магілаў хочуць.

Ім ёсьць што распавесьці нам, жывым:
Назваць імёны, прозвішчы забойцаў.
Тут кожны крыж на сэрцы, бы нарыў,
Што хоча ўбачыць Беларусі сонца.


Рецензии