Вечнасць

ВЕЧНАСЦЬ
леанід ПРАНЧАК

Вочы, што зведалі здраду.
Вусны сухія, як шоўк.
Прыкрая стома пагляду,
Рукі сабраны ў замок.

Крыўдна, але зразумела.
Словы пужаюцца слоў.
Цела адпіхвае цела,
Голас баіцца высноў.

Прагнеш хоць нейкага выйсця
З пасткі, дзе выйсця няма.
Мрой парыжэлае лісце
Снегам засыпле зіма.

Хочаш любых пераменаў.
Ласку журбой не ўталіць.
Ад капіляраў да венаў
Кожная клетка баліць.

Збудзь свой цяжар невыносны.
Хоць бы каму, нават мне,
Як заляжалыя кросны,
Як пазалеташні снег.

Кінь у кастрышча сукенкі.
Помні, навошта жыццё.
Прэч, як няўцешныя енкі,
Даўняй віны пачуццё.

Дзіўныя чорныя вочы
З вірам бурлівым на дне
Моракам выстылай ночы
Дзікасцю вабяць мяне.

Ведаю, што небяспечна.
Ведаю, золкая плынь.
Вочы твае, нібы вечнасць,
Дзе я блукаю адзін.

30.01.2023
16.05.2025


Рецензии