Птушаняты
леанід ПРАНЧАК
Мы разам і не разам.
Што за час?
Падзелены
Каханнем і расстаннем,
Дарэмнай крыўдай
Раўнадушных фраз,
Астылай кавай
І расчараваннем.
Парві, нібы травінку
Мятляка
Нябачныя нітЫ,
Што нас звязалі.
І не спрабуй
Упоначы гукаць,
Тых слоў, якія
Мы не прамаўлялі.
Не пазірай на сцежку,
Што вядзе
З чужых краёў
Да роднага парога.
Суцішыцца
Кругамі на вадзе
Маё каханне
І твая трывога.
Не ведаю я,
Правільна ці не:
Расстацца мы
Рашылі на дасвецці.
Ды ў глыбіні душы,
На самым дне,
Я чую дзесьці
Ціха плачуць
Дзеці,
Якіх
Не нарадзілі мы яшчэ,
Яны ў маіх начных
Таемных мроях
Слязою на
Няголенай шчацэ,
Бяссоннем у
Абстаўленых пакоях.
Я чую плач
І мне не па сабе.
Крычаць праз шум і роспач
Немаўляты.
Ты не са мной,
Таму яны ў журбе.
Няўцешныя,
Нібыта птушаняты.
Нам іх з табой
Ужо не нарадзіць.
Не гадаваць
І дзень за днём
Не песціць.
Вось ад таго
Душа мая баліць,
Замкнёная ў сабе,
Нібыта ў клеці.
Шкада мне
Ненароджаных дзяцей,
Дачкі ці сына
Вернага сяброўства,
Гнятлівым рэхам
Згубленых надзей,
Чаканнем даўнім
Тлумнага бацькоўства.
Таму
Не адракуся ад цябе,
Таму не адпушчу
Цябе я ў вырай.
Скажу сабе
Насуперак жальбе:
Жыццё з табой,
Нібыта Божы вырак.
Бо так і ёсць,
Бо так яно было.
Вялікі дом наш,
Як акварыўм нібы.
Дзе мы з табою
Страцілі цяпло,
Дзе нашы сэрцы
Сонныя, як рыбы.
Халодная вада
Вяртае сэнс
Пражытым дням
І страчанай пакоры.
Цямнее неба
Голае, як лес,
Дзе замест лісцяў
Воблакі і зоры.
Наканаваны лёс
Не прадасі.
Каму патрэбны
Боль чужы, як драма?
“...іжэ есі...
Есі на небесі...”
Як там далей?
Не помніш?
Я таксама.
28.04.2024
Свидетельство о публикации №125042802914