Вясновыя справы

У сэрцы юнацкім кветкі ўзышлі да нябёс;
І праз снежнае покрыва вочы бліснулі блакітам.
А навокал ва ўсіх то каханне, ці то псіхоз,
І ў вясны часам рукі да дрэва цвікамі прыбіты.

Чуеш ты крокі? Ці чуеш, як плача капеж? —
Я таксама, каб мог, ціха-ціха заплакаў,
Бо ва ўсіх то пачуцці, ці то мяцеж,
І для іх я звычайны забыты вясновы пісака.

Я пішу да цябе: адкрый вочы, адкрый і сумленна чакай,
І праз медную сінь зазірні за сівыя аблокі...
Там бы птушка вясна над паветрам расціць ураджай,
Корміць промнямі, — чуеш цяпер яе крокі?

У яе столькі спраў — хто бы ёй дапамог?
Яе тонкія рукі зганяюць сцямнелыя гурбы,
Бо яна без святла застаецца быццам без ног;
А пад горадам стынуць самотна іржавыя трубы.

У яе зеляніна бруіцца валоссем праз сонечны твар,
Снег сыходзіць атрутай шурпаты й каравы.
А навокал ва ўсіх мокрым друзам шапоча бульвар:
Нам не будзе лягчэй, але будзе даволі цікава.


Рецензии