Забыццё
Леанід ПРАНЧАК
Не карай мяне забыццём.
На мяжы цёмнай ночы і раніцы
Мой няўтульны закінуты дом
Расчыніў вокны насцеж, бы ў паніцы.
Пашкадуй, зразумей і суціш,
Адагрэй мае вусны, што ў роспачы.
Праглыне заімглёная ціш
Сіплы крык мой адчайны аб помачы.
На каго спадзявацца, калі
Навакол калатуша і бездараж.
Толькі кнігаўкі і жураўлі,
Што казаць, ты сама гэта ведаеш.
Не карай, я сябе пакараў
Так што болей наўрад ці ты здолееш.
Колькі жыў, па табе сумаваў
У хаціне пад белай таполяю.
Прытуліся шчакою да шкла,
Калі твар твой слязою азмрочыцца,
Прыгадай, як са мною была,
І табе зноў пяшчоты захочацца.
Ты пачуеш, таполі шумяць
Срэбным лісцем над звілістай сцежкаю
І не зможаш забыць і суняць
Жарсць кіпучую і несуцешную.
Калі ласка, прыходзь да мяне.
Я, спустошаны страхам і думамі,
Так баюся на яве і ў сне,
Што забуду твой воблік прыдуманы.
Праваліцца я ў сон не магу.
Навальніца бушуе да раніцы.
Вецер ломіць платы і страху.
Вокны дом расчыніў, як у паніцы...
31.01.2023
Свидетельство о публикации №125032902145