Па той бок...

Па той бок чыгункі я бачыў сваю зямлю
І імкнуўся рукамі дастаць пару-тройку зорак,
Пакуль марыла шыя пра тапор, гільяціну, пятлю,
Але крыламі матылька дакраналася рэек, старонак;

Пакуль несліся ногі асобна ад галавы,
Мае думкі пра вецер рабілі няшчадна аборты,
Грукат колаў даводзіў да нядужасці і слепаты,
У падшклянку гарбата — адзіны асколак камфорту.

Марыў, помніў, што ўсё мае шлях і канец,
Што я ў гэтым свеце — кавалак сняжынкі маленькай.
Па той бок чыгункі я сам сабе быў бы баец,
Каб толькі не гразнулі ў сэрцы адразу і зноў шасцярэнькі.

Ішоў бы па шпалах — дзяцінства мой фотаальбом,
Лічыў бы вагоны для кожнай з сівых электрычак;
Але мкнецца бездань, бы з хорараў, напралом
І робіць няёмкае раптам звычайнай жыццёвай прывычкай.

Прыеду на "дызелі", то бок вакзал за спіной.
Сустрэнеш — і з пахам чабора паплачам,
На лямант збяжыцца радня, нагадае: "Не ной!"
Я помніў бы толькі: сабакам — і лёс такі самы, сабачы.

Ці можа галізна ўпрыгожыць не цела — душу?
Вось я, лічы, голы, адрэзаў павейкі і косы.

Сустрэнемся мабыць? Я адрас табе запішу:
Па той бок чыгункі. А што нам яшчэ засталося?


Рецензии