Як восень, будзь такiм, паэт...
Як восень, будзь такім, паэт:
Не па білету, па прызванні.
З бусламі разам зведай свет,
Свой жыццясвет і існаванне.
Як бусел на адной назе
Ў расе асенняга світання,
Трымайся, думай пакрысе
Пра халады і развітанне
З усім, што мроіцца ў смузе
На залачоным небасхіле.
Як бусел на адной назе,
Цяжару не паддайся сіле,
А узніміся, узляці
І адляці, нібыта вырай,
Ад здані марнага пуці
Да плёну сваёй песні шчырай.
20. 09. 2024 г.
Заўвага аўтара: жыццясвет - паняцце фенаменалагічнай сацыялогіі А.Шутца, якое абазначае штодзённае жыццё чалавека і яго досвед аб ім.
Свидетельство о публикации №124092004092