Адно сонца у нас на дваiх

Добрай раніцы вам ад рамонкаў,
Прывітанн вам – ад васількоў,–
Ад любімай прыгожай старонкі,
Ад шаноўных маіх землякоў!

Усё дорага сэрцу тут, міла –
Краявіды, прысады ля хат.
Курганы, і крыжы, і магілы,
Дзе пакоіцца маці і брат.

Чую голас цікаўнай зязюлі,
Што прарочыць вясну, не адну.
Бачу постаць і твар я матулін,
І да раніцы больш не засну –

Нібы здрадзіў святому каханню,
Чалавку нічым не памог…
Не стрымаў як юнак абяцанняў,
Не вярнуўся на родны парог.

Мама нас гадавала для шчасця
І чакала назад – пад крыло,
І з малітвай яе, як прычасцем,
Лёгка йсці да святла нам было.

Чым багата душа – гэта мама,
І цяпло, і натхненне ў грудзях.
Ведаў добрых людзей я нямала,
Але вобраз матулі – як сцяг!

Над усім, што знайшоў я і страціў,
Яе голас адно лашчыць слых.
І паўсюль прада мной – вобраз маці,
Адно сонца у нас на дваіх.

Адно сонца – паветра, аблокі,
І спрадвечны зямны непакой.
І валошкі ў палях, і рамонкі,
Край прыгожы, пакутны – а мой.


Рецензии