Беларусь - мая доля i воля...
Беларусь – мая доля і воля,
І сляза, і спагада мая,
Маё сіняе жытняе поле,
Маё неба, зара і зямля.
Беларусь – мая хата і сцежка,
Што за хатаю вывела ў свет,
І шыпшынавы куст, што на ўзмежку,
І пранізлівых вершаў сакрэт.
Беларусь – мая мама святая,
Мой адзіны прытулак душы.
Беларусь – мая песня жывая
У знямелай ад болю глушы.
Беларусь – мая доля і воля,
І патоля ў захмараны дзень,
І высокая ў полі таполя,
Што хавае вандроўніка ў цень.
16. 07. 2024 г.
Свидетельство о публикации №124071602416