Рухавiк культуры

Паэзія -- культуры рухавік.
Яна ўзнімае мары да нябёсаў.
У ёй жыве душэўны спеў і крык
Зямных надзей і чалавечых лёсаў.

Яна -- малітва: той духоўны крыж,
З якім расце зямное прыцягненне.
Праз слова творцы ветлівы Парыж
Верлена нам вяртае на імгненне.

З ім робіцца жыццё, бы той радок,
Што сэрцы паядноўвае каханнем.
Верлен, Верлен! -- На вуснах рыфмаў шоўк
І прахалоды ранішняе гранне.

На дрэве думак, дзе вачэй пагляд
Кранаў вясну і песціў словам Сену
На свой парыжскі, непаўторны лад
Стамлёная сава спачыць прысела.

Паэзія -- і хвалі і святло...
А хто сябруе з ёй -- той майстар слова.
Ці не таму сярод зямных вятроў
Ёсць вецер той, дзе ёсьць жыцця аснова.

03.03.2024.


Рецензии