Дзьмухавец i Пiвоня

“Мая паненачка, Півоня, -
Шаптаў маленькі Дзьмухавец. -
Якое шчасце, што з табой я
Жыцця сустрэну тут канец.
Цябе кахаю з таго часу,
Як быў я жоўтым, маладым,
Не паглядзеў, павер, ні разу
На іншых вокам ні адным.
Я марных слоў казаць не буду:
Хачу табе прапанаваць
Са мной абрацца сёння шлюбам,
Каб век свой разам дажываць.”
Півоня цяжка ўздыхнула,
Затрэсла кончыкам сцябла,
З цяплом на Шпажніка зірнула
І Дзьмухаўцу адказ дала:
“Жартуеш ты ці з глузду з’ехаў?!
Якая гэта я твая?!
Такія словы варты смеху.
Глядзі ты на мяне здаля!
Бліжэй не сунься нават у вецер,
Мне жыць, прашу, не замінай
І кожны новы дзень падвечар
У маркоце гучна не ўздыхай.
Ты мне не пара. Я другога
Кахаю вельмі ўжо даўно.
Ён прыгажэй цябе намнога.
Мы разам будзем усё адно.”
Півоня Шпажніку кіўнула,
Ён аж узвіўся ад таго.
Іх раптам дужа пацягнула
Прыпасць адно да аднаго.
У Дзьмухаўца лісты паніклі
І палысела галава,
Як да Півоні Шпажнік гнуткі
Схіліўся, каб пацалаваць.
———-
Півоня з Шпажнікам сышліся,
Ля плота шчасліва жывуць,
Карэннем шчыльненька спляліся,
Багата кожны год цвітуць,
А Дзьмухавец Півоню ціха
Кахаў, надзеяй жыў на шлюб,
Пакуль не ссох увосень мірна
Старэнькі, лысы адналюб.


Рецензии