Навошта вучыуся з дзяцiнства я рана...
Жарт
Навошта вучыўся з дзяцінства я рана
Пісаць свае вершы ў такіх "графаманаў":
У Танка Максіма, дажджоў і туманаў...
Баліць незагойная гэтая рана!
Вучыцца патрэбна б у Янкі Купалы,
У Коласа, іншых... Ды хіба іх мала?
А я ўсё вучуся ў Гілевіча Ніла,
Ці ў Р. Барадуліна... Боская сіла!
Услых і сказаць я пра тое баюся,
Штодзённа ў каго я і зараз вучуся:
То ў Геніюш нейкай, то ў Жэні Янішчыц...
Такая вучоба і генія знішчыць!
Раз-пораз чытаю таго ж Башлакова.
Ў Міколы Шабовіча скраў нават слова
І там, дзе "сустрэча", пішу зараз "стрэча".
О, як у паэзіі ўсё недарэчна!
Вучыўся старанна і нават замнога,
Але мне закрыта і сёння дарога
Ў Саюз графаманаў: "Табе яшчэ рана!"
Але я і зараз вучуся старанна.
"Вялікім" Саюза на вучняў пляваць,
Ім толькі б "шэдэўры" свае выдаваць.
Я іх за жыццё прачытаць не паспею.
Дык хіба ж калі для Саюза саспею?
Вось так і памру, а паэтам не стану.
Дык як загаіць мне душэўную рану?
Хіба што на снеданне бульбы зварыць...
Яе як пад'ем, дык нішто не баліць!
31. 01. 2024 г.
Свидетельство о публикации №124031005830