Шептуха

на белорусском языке 

Беларуская народная казка

Старэнькая бабка ў весцы жыла,
А вёска маленькая гэта была:
Хат з дзесяць налічыш. А бабчына хата 
Чарнела на ўскрайку  зусім небагатай…

Як бабка, старэнькая, хата стаяла,
Абедзьве пабачылі гора нямала:
Падпертая хата ўсё болей хіліцца,
А бабка –  без ежы, з адною вадзіцай.

Збірае ўсе трэсачкі, паліць у печы,
Такі незавідны быў лёс чалавечы:
Няма дапамогі, бо родных няма!
Здараецца ўсё на зямлі нездарма…

Пан ехаў праз тое сяльцо неяк раз,
І выйшла старая на ганак у той час,
Убачыў знаёмую, астанавіўся,
Пачаў  з ёй размову пан, ды задзівіўся:

“Хіба яшчэ жЫва”, пытаўся  старую,
“Жывая, паночку,  глядзі, як гарую.
Рабіць не магу, родных болей не маю,
А смерць не прыходзіць за мной, хоць чакаю”…

“А колькі ж  гадоў табе?”, пан запытаўся,
“Не ведаю пане, адлік заплутаўся,
Жыву і гарую:  у полі былінка,
Куды прывядзе мяне жЫцця сцяжынка?

Вады нават некаму хворай падаць,
Паночак, ты змог бы мне дапамагаць,
Старым дапамога – пачэсная справа?”
Ой, не, дапамога для пана – атрава!

Пан дужа скупы быў, ніколі, нідзе,
Ён не дапамог анікому ў бядзе.
“Чаму ж ты не шэпчаш, чаму  не варожыш?
З хваробамі гэтак людзям дапаможаш!”

“Не умею зусім варажыць я, панок!”
“Дык я навучу!” “ Навучы, галубок!
Каб свет недарэмна цяпер я займала,
І людзям пражыць век дапамагала”…

Старую ашукваць не дужа журыўся,
Да бабчына вуха панок нахіліўся,
Сказаў:”Як да хворага клічуць, ідзі!
Спачатку, канечне, яго аглядзі,

Пахукаўшы тройчы, ты больш не цягні,
А хутка i часта шапчы ў цішыні…
“А што ж пашаптаць,  ці, не скажаш, паночак?
Кажы мне хутчэй, ну кажы, галубочак!”

Пан крыху патыліцу ў думках пачухаў,
Дае бабцы знак, ды і шэпча на вуха:
“Сіголаў жыў, сіголаў не, Няхай бяда цябе міне! 
Няхай бяда цябе міне, Сіголаў жыў, сіголаў не!

Пашэпчаш так трохі, вадзіцы дай піць,
На шчасце тваё будзе хворы той жыць,
А не адчуняе, Сіголаў бяры!”
Шаптаць бабка стала з той даўняй пары…

І чуткі пайшлі: “Лечыць бабка шаптуха,
Людзей і жывёлу, штось шэпча на вуха,
Угадвае ўсё, дзеля ўсіх дапамога,
Напэўна, ёсць дар у шаптухі ад Бога!”

І едуць да бабкі з аколіцы ўсёй,
Шаптуха жыве, рада долі сваёй:
Нясуць і вязуць ёй гасцінцаў, дабра,
Жыве добра так: паміраць не пара!

Тым часам панок неяк на паляванні
Ганяўся за зайцамі ў полі ўранні,
Так моцна ён  там супраць ветру крычаў,
Ды скулу ў горле – на гора – прыдбаў.

Хваробе вось гэткай няма дактароў:
К адному звярнуўся, – лячыць не гатоў.
Другі гэтак сама – не ўмее лячыць,
Не ведае панку, ну як жа тут быць?

Не умеюць той скулы лячыць дактары,
Яна ж душыць пана, халера бяры,
І жонка паклікаць шаптуху ўжо хоча.
Ён ведае, што толькі голаў марочыць…

Цярпеў пан, цярпеў, ды ўжо моцы не стала,
Ён мусіў згадзіцца, каб бабка шаптала,
Прывезлі шаптуху, пан дыхаць не можа,
А жоначцы панавай вельмі трывожна…

Захукала ды зашаптала старая,
(Шаптаннем людзей з таго свету вяртае):
“Сіголаў жыў, сіголаў не, Няхай бяда цябе міне! 
Няхай бяда цябе міне, Сіголаў жыў, сіголаў не!”

Закляццю вучыў дзеля жарту старую,
Ды бачыцца пану, яна не жартуе!
Сур’ёзна так хукае, кліча Сіголу…
Паночак прысеў  аж да самага полу,

Ён як зарагоча, ды лопнула скула,
Так пана да жЫцця шаптуха вярнула!
Ачухаўся хворы, ёй дзякаваць рады,
Пытаецца: “Лечыш з маёю парадай?”

“Так, панку, лячу, як мяне ты вучыў,
Багаты такі падарунак зрабіў!”
“А як жа  ты ўмееш усе адгадаць?”
“Як прыйдзецца, пане, ну што тут казаць!”

“Вось зараз ты думкі мае адгадай,
Што думаю, хутка скажы мне, давай!
Тут глянула пану старая ў вочы,
“Вядома ж, панок, заплаціць мне не хочаш!”

“Няхай цябе качкі затопчуць, старая!”
Здзіўляецца пан: вельмі добра гадае…
А гэта, паночку, і кожны ўгадае,
Бо панскую “ласку” тут кожны ўжо знае!


Мараль не агучана ў гэтае казцы…
Прыдумаю я, вось яна, калі ласка:
Калі ў нешта верыць, то будзе і плён!
І пан ад хваробы ідзе на паклон… 


Рецензии
Ааа. Кажется понял. Сказка это по белорусский так произносятся.

Сергей Фруччи   01.04.2024 17:38     Заявить о нарушении
Тоесиь казка...

Сергей Фруччи   01.04.2024 17:38   Заявить о нарушении