Знаю многа розных васiлькоу...
Знаю многа розных васількоў
Я з радкоў паэтаў знакамітых.
Колькі ўзнёслых і прыгожых слоў
Там пра кветку жытнюю ужыта.
Мне ж мілей адзіны васілёк -
Той, што з мора залатога жыта
Нейк прыплыў у мамін ручнічок,
Можа, так, а мо для каларыту.
Ён на маці Боскай галаве
На іконе, што глядзела ў хату,
Усміхаўся зоркаю ў траве
І падмігваў мне, як быццам брату.
Я не знаю, дзе набожнік, дзе
Васілёк з матулінай іконы...
Для мяне ён больш не расцвіце,
Бо даўно ўжо зжатыя загоны.
Ды, нібыта святасці выток,
Вышыты матулінай рукою
Просценькі блакітны васілёк
І да скону ў памяці са мною.
30. 01. 2024 г.
Свидетельство о публикации №124022408595