Вадасховишча Крыница

Дзе густы хваёвы водар
між лагчынамі плыве,
нараджаюцца ўспаміны
ў задуменнай галаве.

Тут на ўзлескавым узгорку
быў-стаяў драўляны дом,
Свіслач – рэчка-юніёрка
выгіналася ўюном.

Там скрозь шкло празрыстай хвалі
ззяў пясочак залаты,
дзве вярбы галлё спляталі
над імклівасцю вады.

Там пад іхнім лісцем вёрткім
з багавіння ў струмяні
плотак ды чырвонапёрак
гналі злыдні-акуні.

Там наўкол шумелі бэзы,
сенажаці-мурагі.
па вясне рака-гарэза
пашырала берагі.

А за борам недалёка
ад вузенькае ракі
у гародзе дзве Алёнкі
палівалі буракі.

Дзве Алёнкі – баба Лена
ды старэйшая сястра,-
назбіраюць на каленах
цуд-суніц па паўвядра,

падапруць гароху сцёблы,
кешкаюцца ў агурках,
шэры вогнішчавы попел
рассыпаюць па градах,

а тады кісель навараць
з рабарбара ці чарніц,
ды духмян-катлет насмажаць,
плюшак могуць замясіць.

З братам Сашкам неўпрыкмет мы
тэсту адскубнем шматок
дадамо ў яго алею,
загарнем у лапушок.

Прыхапіўшы у адрыне
самаробныя вуды,
праз чарот ды павуцінне
шпарка крочым да вады.

Спрытна знойдучы месцейка
на выгіне дзвюх галін,
белы камячок маленькі
я на гаплік начапіў,

апусціў ў ваду прыладу,
назіраю з вышыні,
як палююць на прынаду
маладыя акуні.

Вось з асоту ён рвануўся,
схамянуўся у віры,
падляцеў, перагарнуўся
белым брушкам дагары,

круглячок схапіў, дурненькі,
бестурботна праглынуў ...
Я тады наверх вудзейку
з першай рыбкай пацягнуў.

Сыдзе верасовы вечар
з сонцам кінутых вышынь.
Прынясе лагодны вецер
аб маленстве успамін,

паказыча мне падпахі,
паплыве паўздоўж ракі
і ялінавыя пахі
пахавае ў хмызнякі.

Задрамлю і мне насніцца
незабыўная зямля.
Вадасховішча Крыніца –
гэта спадчына мая.


Рецензии