Бералак

Ноч ахінула лес і пожню,
Ля рэчкі ясень, як заўжды,
Нясе сваю сумленна вахту,
Ужо трыста тры даўгіх гады.
У свеце поўні ясень пільна
Агледзіць пожню, уздыхне,
Бо поўнач блізіцца няўхільна,
І Ліха хутка ажыве.
Пакуль жа поўняцца спакоем
Лес з пожняй чыстай ля ракі,
У небе зоркі дзіўным строем
Сплялі сузор’яў ланцугі.
Засне ў цішы магутны ясень,
Але нядоўгім будзе сон:
Пугач наўколле агалосіць,
Паслаўшы ворагам праклён;
У лесе нешта зарагоча,
Заверашчыць, пачне стагнаць,
І ясень лісцем зашапоча:
“Злуецца Ліха. Годзе спаць!”
Ноч стане раптам неспакойнай,
Закрые поўню стая хмар,
На пожню важна і павольна
Загляне лесу гаспадар.
Хадой размеранай да рэчкі
Падыдзе грозны бералак,
Расправіць стомленыя плечы,
Убярэ ў грудзі ночы смак.
Калматы, нечым раздражнёны,
Ён закрычыць, а выйдзе рык.
Вядзьмаркай чорнай паланёны,
Яшчэ не звер, але ўжо не чалавек.


Рецензии