Раннi вечар, аблокi, халодная кава...

***
Ранні вечар, аблокі, халодная кава,
Нешта брэшуць з экрана пра ўсіх і сябе.
А пад вокнамі вуліца: яма, канава,
І да хаты яшчэ хтось з работы грабе.

Мо, хіба што па вуліцы зараз прайсціся?
Але лепей не трэба, бо зломіш нагу.
Ранні вечар. Цямнее. Сядзі і маліся,
Калі можаш маліцца, а я не магу...

Ранні вечар. Аблокі. Халодная кава.
Нават рыфма і тая не йдзе ў галаву...
Як асфальт пакладуць, будзе іншая справа,
Ды наўрад ці да гэтага я дажыву...

24. 11. 2023 г., 12. 11. 2025 г.


Рецензии