Зялёны лiсцiк пахне летам...

***
Зялёны лісцік пахне летам,
А жоўты – восеньскай журбой.
Я не лічу сябе паэтам
Чароўнай восені нямой.

Яна сама – паэт вялікі,
Складае вершыкі з лістоў.
А я – няўдалы і бязлікі –
Збіраць душою іх гатоў.

Сабакі брэшуць дзесь на ўзгорку
Ў пасёлку. Вечарэе шлях.
Пішу і я, ды мала толку.
Дарога ў скінутых лістах...

Журбою пахне жоўты лісцік,
Празрыстай восеньскай журбой...
Я – не паэт, я проста – містык
І веру ў восеньскі спакой...

04. 11. 2023 г.


Рецензии