Зямля бацькоу дае мне сiлы...
Зямля бацькоў дае мне сілы
Быць чалавекам на зямлі,
Гаспадаром быць - да магілы,
Куды бацькі даўно сышлі.
Зямля бацькоў дае мне сілы
Араць і пеставаць зямлю,
Любіць мой край, што сэрцу мілы,
І сонечнасць яго, і мглу.
Зямля бацькоў дае мне сілы
Яе па-рознаму любіць,
Бо можа часам апастылець,
Тады на ёй нялёгка жыць.
Зямля бацькоў дае мне сілы
Не абіваць чужы парог,
Не рваць на чужаземцаў жылы
І лёгкіх не шукаць дарог.
Зямля бацькоў дае мне сілы,
Каб нават ненавідзець мог
Мой край бязлітасна-бяскрылы,
Калі яго пакіне Бог.
22. 09. 2023 г.
Свидетельство о публикации №123092205706