Як штучна усё, як пафасна i лжыва...
Як штучна ўсё, як пафасна і лжыва...
Пра значымасць сваю не разважай,
Патрыятызм свой не нясі фальшыва,
Радзіму, як суседа, паважай.
Калі жыццё журбой цябе агорне,
Дык памаліся нават за журбу,
За светлы дзень, як і за дзень твой чорны,
За зорны час і ніцую вярбу,
Што ў полі плача гнуткаю галінай...
Няхай твая не скардзіцца душа,
А даражыць кароткаю хвілінай,
Пакуль жыццё віецца, як шаша.
А абарвецца... і заплюшчыш вочы...
Не ахіне ўжо горкаю журбой!
Бываюць дні ў жыцці, бываюць ночы,
Бывае, плачаш з ніцаю вярбой...
Як штучна гэта, пафасна і лжыва,
Каб разважаць пра значымасць жыцця.
Ты проста пра яго пішы праўдзіва,
Калі пазбегнуць хочаш забыцця.
21. 09. 2023 г.
Свидетельство о публикации №123092102674