Я памятаю твае вочкi

Твае я памятаю вочкi
У час спаткання й развiтання.
Слязiнку-пацерку ў куточках
Вачэй, i часты рытм дыхання.

Спатканнем слёзкi – промнi сонца,
Танула я ў вачэй бяздоннi,
Ды прыцiскалася так моцна,
Хавала твар свой у далонi.

Яны шаршавыя ў маршчынках,
Але мiлей няма на свеце…
Яны не мелi адпачынку,
Былi сагрэты заўжды дзецi.

Пры развiтаннi слёзкi-хмаркi,
I толькi зорачкi надзеi
Праз павалоку ўспышкай яркай
З усмешкаю мне ўслед глядзелi.

Бывае часам у натоўпе
Мiгне падобная фiгура,
Замру, як адзiнокi топаль,
Агорнуць успамiны бурай.

Хаця б на дзень вярнуць часiны,
Каб павiтацца, прытулiцца.
Шкада, не прытачыць галiны,
Без iх –
Жыццё нас кружыць, быццам лiсце.


Рецензии