З гадамi не мудрэю...
З гадамі не мудрэю:
Як і пісаў, пішу,
І крышачку старэю,
І берагу душу.
Гляджу на дзень спякотны
І рэдагую верш.
Ад быту – не свабодны,
Але яна – найперш:
Паэзія, што грэе
І сэрца, і душу.
З гадамі ўсё ж мудрэю:
Больш пра жыццё пішу.
Гляджу на дзень спякотны
І п'ю асінак звон.
Ён срэбны і сумотны,
Як пра дзяцінства сон.
Мне сніцца, як за хатай
Гуляю я ў траве,
А малады мой тата
К сабе мяне заве.
І я бягу да таты
І падаю ў траву...
Ды я не вінаваты,
Што ўсё яшчэ жыву,
Гляджу на дзень спякотны
І рэдагую верш.
Турботы – не турботы,
Паэзія – найперш.
15. 08. 2023 г.
Свидетельство о публикации №123081503275