Мiхася Башлакова чытаю...
Міхасю Башлакову
Міхася Башлакова чытаю.
Бо чытаць мне лягчэй, чым пісаць.
Хоць даўно ўжо душу яго знаю,
Але прагну і прагну чытаць.
Пазнаю і сябе ў яго вершах,
У дарогах яго - пыл дарог
І маіх, ох, нялёгкіх, паверце,
Нават тое, што з іх не збярог.
І трывожныя крыкі тых птахаў,
Што самоцяць і раняць душу,
І жыцця бесканечная плаха,
І мінулае, што варушу...
Міхася Башлакова чытаю,
Хоць нялёгка яго мне чытаць,
Бо душы сваёй сам я не знаю,
А ён змог пра яе напісаць.
18. 07. 2023 г.
Свидетельство о публикации №123071804424