Балада Ядвiгiна Ш

­Звычайна пешшу, не ў карэце,
Хадзіў паэт, блукаў па сьвеце,
Адкрыцьцяў прагнула душа...
І іх шукаў Ядвігін Ш.
...Пасьля Масквы ў Карпілаўку вярнуўся
І з галавою акунуўся
У рух грамадскі Адраджэньня,
Знайшоў сяброў, знайшоў натхненьне,
Сярод якіх быў сам Купала,
Бядуля, Цётка і Буйло –
Людзей вядомых нам нямала
Празь лёс Ядвігіна прайшло!
А ён – рамантык – ганарыўся,
Што ў Марцінкевіча вучыўся:
Што ў “школцы” ў Люцінцы, пад ліпай,
Правёў хлапчук шчасьлівы ліпень.
Пяршаі бачыў часта ў сьне,
Бо як пісаць сваё пачне,
У думках зноў ён вандраваў
І ў Марцінкевічаў бываў.
Успамінаў, як іх Каміла
Музычнай грамаце вучыла.
І помніў – рух гаспадара
І яго цягу да пяра;
Яго пакой – яго “куфэрак”,
Набіты сьпісанай паперай...
Сам на пакуты быў гатовы.
Хвароба лютая даймала
(А зь ёй цікавага, брат, мала).
Паклаў для творчасьці ў аснову
Матулі роднай сваёй мову:
Пісаў на ёй не пад прымусам,
Не дзеля славы ці забавы,
А дзеля добрай важнай справы, –
Лічыў, што лёс у беларуса
Павінен лепшым стаць з асьветай,
Калі заняцца справай гэтай,
А не малоць ваду у ступе…
І ведаў край свой не здалёку,
Дзе сустракаў на кожным кроку –
Ганеньне, невуцтва, абразу.
І разумеў Ядвігін Ш.,
Што іх ня вынішчыць адразу...
Таму й пакутвала душа.
...Гады сплылі, як хмары ў высі,
На жаль, ня ўсе мары збыліся.
Было няўтульна на зямлі,
Хоць і сябры побач былі,
А пераменаў – вельмі скупа:
Таго, што прагнула душа,
Не прычакаў Ядвігін Ш...
І толькі творы засталіся
На беларускай роднай мове,
З зачынам сьветлым у аснове...


Рецензии