Майскi дзень пахмурны i спакойны...
Майскі дзень пахмурны і спакойны,
Нібы ў свеце не ідзе вайна.
Пад гарою – сад, за садам хвойны
Ціхі лес лянівы. І вясна.
І вясна. І лес не абгарэлы,
Крыху змрочны і маўклівы лес.
І бярозак шоўк – яшчэ не смелы,
І за агародам кусцік – бэз.
Нібы ў свеце – выбухі далёка,
Толькі выбух яблыневых дуг.
І вясна. На яблыні сарока
Да сябе заве сваіх падруг.
Майскі дзень пахмурны і спакойны,
Нібы ў свеце не ідзе вайна.
І сароку не трывожаць войны.
І вясна бязмежная, вясна!
18. 05. 2023 г.
Свидетельство о публикации №123051803197