Дзве радзiмы

Я Богу вельмі ўдзячна за цябе,
Куточак мой пушчанскі запаведны.
У час любы – у радасці, журбе –
Твой водар для мяне заўжды адметны.

Распавядаюць волаты-дубы,
Як Вітаўт і Ягайла палявалі,
Пра тое, як знікалі тут зубры
І адраджаліся ад Пугінала.

Няхай струменіцца вада Лясной
І ў Буг нясе пушчанскія ўспаміны.
А ў Камянюкі я прыеду зноў,
Куды бы лёс нястомны ні закінуў.

І для мяне калысачка жыцця
Не атрымае статус небыцця.

Не атрымае статус небыцця
І Кобрын у маім жыцці і сэрцы.
Так сталася: павінна тут быць я,
Другой радзімай Кобрын назавецца.

Я палюбіла гэты гарадок,
Дзе рэхам адгукаюцца стагоддзі.
Пачую часам каралеўскі крок,
Зноў парк аповедам закарагодзіць.

А ланцужок блакітны Мухаўца
Падперазаў мне мрояў зіхаценне –
П’ю асалоду трапнага слаўца
І прыгаршчамі чэрпаю натхненне.

Ты, Кобрын, лёсам стаў маім цяпер –
Я Богу вельмі ўдзячна за цябе.


Рецензии
На малой радзіме нашы карані, а галіны радавога дрэва раскіданы ва ўсе бакі, напэўна ж...
Добрыя вершы Вашы, Наталля, – цёплыя, шчырыя, спеўныя, як сама наша мова.
З задавальненнем пачытала Вас.
Натхнення, радасці творчай на паэтычнай ніве і ўраджайнай беларускай паэзіі!

Ядвига Довнар   12.05.2024 15:58     Заявить о нарушении
Вялікі дзякуй за камент на роднай мове. І Вам жадаю натхнення і плёну.

Наталья Кондрашук   12.05.2024 21:24   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.