Бераг родны

 - Скажы чаму, мой бераг родны,
Твой пах такі неверагодны?
Такі знаёмы  мне з дзяцінства,
Як з маці роднаю адзінства.

Пахучы верас будзіць восень.
Лятае ён між траў і сосен.
Вісіць мастком паміж ядлоўцаў,
Дзе ў гушчары знікала сонца.

Зялёны мох так вабіць пальцы
Дастаць з куфэрка ніткі, пяльцы
І вышыць водар дзіўнай кветкай,
Што пахне мамінай сурвэткай.

О! Як жа пахне лес хваінай!
Вясною, шчэбетам птушыным,
Далёкім рэхам, крыкам соек
У летуценнасці спакою…

Іду і бачу вачаняты
З той казкі «Зайчыкавай хаты»,
Што тут, дзе зайцава капуста -
Кісліца высыпана густа.

Пад тым карчом сухой яліны
Калісь была нара лісіна.
Вакол яе пясочак жоўты…
 - Чаму ж хвалюеш маю кроў ты?

А там, дзе дзесь грыбнік галёкаў,
Трашчыць, трывожыцца сарока,
Як і тады, калі дзяўчынкай,
Я размаўляла тут з ялінкай.

Далей - пакаты схіл абрыву
Глядзеў у век былы цярпліва,
Бы папярэджваў: « Тут зямлянка.
І пахі вёскі-партызанкі»…

Мне не адвесці было вочы
Ад ямы з рэшткамі гнілочы,
З апрэлай горыччу мінулай,
Адкуль бядой вайны цягнула.

І я адчула на хвіліну,
Як аддае парахавінай,
Як пахне смерць, бяда і слёзы,
Што дожджык ліў на вербалозы.

І стала страшна, сумна, горка
Згубіць пах рапса над пагоркам,
Не зведаць больш, як пахне жыта,
Ці лён у сноп тугі спавіты.

Згубіць навек той пах чароўны,
Дзе мы свае на ўзроўні кроўным,
Дзе пахнем так, як пахне маці -
Зямля для кожнага зярняці.


Рецензии
Адчуў той водар я, Людміла,
Бо край жа родны мне, любімы.
Поспехаў Вам.

Анатолий Уминский   06.02.2023 22:12     Заявить о нарушении
Дзякуй вялікі! Анатоль! Прыемна сустрэць земляка! І Вам натхнення і поспехаў.

Людмила Воронова Супрун   06.02.2023 22:32   Заявить о нарушении
Запрашаю Вас, Людміла, на мой канал на Ютубе.

Анатолий Уминский   06.02.2023 23:20   Заявить о нарушении