Я чакаю цябе

Я чакаю цябе ля старой, Радзівілаўскай брамы,
Пад вялікаю ліпай, што ўлетку заўсёды цвіце.
Яе думы загойваюць пчолы, што Богам абраны.
Яны роем спяваюць аб тым, што іх сэрца гняце.

Дзесьці ў парку старым пасяліўся прадбачлівы філін.
Ён штоночы трывожыць каплічку, дзе поўні святло
Адбівае імгненні жыцця і кароткія хвілі,
Быццам кажа ўсім нам, што не кіне старое жытло.

Да зялёнай вады пахілілася постаць альтанкі,
Дзе задумлівы князь слухаў вольныя песьні зямлі.
Ах, якія раней тут заходы былі і світанкі!
Ах, якія раней тут шчаслівыя людзі жылі!

Ты кранула ўспаміны мае сваёй тонкай рукою.
Скаланула пачуцці, з якімі я марыў і жыў.
Зноўку князя душа ажыла і не мае спакою --
Яна ходзіць па краі старое ліцвінскай мяжы.

Паглядзі, колькі зорак пасеяла цёмнае неба?
Яно радае бачыць цябе каля брамы старой.
Ад яе пачынаецца шлях да Радзімы і ведаў.
Гэты шлях паўтарае штогодна пчаліны той рой.

24.01.2022.


Рецензии