***
Слязліва плача восень шэрая --
Палонніца тужлівых хмар,
А я табе шчасліва верыла,
Калі гарэў дуброў пажар.
Надрыўны стогн вятроў раз’юшаных
Будзіў маўклівыя палі.
Лістотай сцежкі зацярушаны,
Што нас даверліва вялі.
Сад голы змок і змокла вуліца,
Арэлі змоклі і квятнік.
Вяргіні корч да хаты туліцца –
Асенняй слоты вартаўнік.
Імчаць кудысьці дні таропкія,
Бо час ад часу карацей.
Знікае ў небе шэрай кропкаю
Клін адлятаючых гусей.
Свидетельство о публикации №122102005725