Святое месца

Раскошна дрэвы цягнуцца ўвысь,
Калышуць голле ад павеву ветру
І ціха шэпчуць лісцем, што калісь
Хадзіла Маці Божая па свету.

Спакон вякоў, як сведка, тут ляжыць
Свяшчэнны камень – вабіць ён прахожых:
Тут Багародзіца прысела адпачыць
На купінку ў цяньку бяроз прыгожых.

І скамянела купка той зямлі,
Каб след Хрыстовай Маці ўвекавечыць,
Каб праз стагоддзі людзі тут змаглі
І пакланіцца, і любоў засведчыць.

Крыж з абразком стаіць каторы век –
Святое месца з цудатворнай сілай.
Перахрысціся, добры чалавек,
Каб і цябе Святыня блаславіла.


Рецензии