Прыеду цiха у Будзiшча...

***

              Светлай памяці маіх былых суседзяў
              дзядзькі Сцяпана і цёткі Машы

Прыеду ціха ў Будзішча
На хату паглядзець,
А там ля хворткі будзе шчэ
Мой рыжы кот сядзець,

Нібыта на вясёлку ён
Не узляцеў тады.
І зробіцца няёмка мне,
Я дам яму вады

З калодзежа Свістковага,
Што, можа, там жывы...
Гляджу, вядерца новае
Тырчыць з сухой травы...

І выйдзе дзядзька хуценька,
І цётка Маша з ім –
У новай белай хустачцы...
"Ну, як вам тут – жывым?"

"Дык не выходзім, Юрачка,
Амаль зусім з магіл.
Сцяпан па хаце журыцца,
Няма ўжо маіх сіл!

Ты ж ведаеш, што й лустачку
Ўжо з'есці не змагла,
Паклала сабе хустачку 
На самы край стала.

Так ночку прасядзела я,
А потым зранку рана,
Як толькі развіднелася,
Я – да майго Сцяпана..."

Прыеду ціха ў Будзішча,
Нікога не відаць.
А там ля студні будуць шчэ,
Як цень, яны стаяць...

18 - 19 кастрычніка 2022 г.


Рецензии