Неглюбка радзiма святога Aляксiя Kрацянкова

У сакавіку 2019 года, калі я адпачывала ў санаторыі “Чонкі” пад Гомелем, мне пашчасціла пабываць у паездцы па святынях Веткаўскага і Чачэрскага раёнаў Гомельшчыны. Мы наведалі мясціны, пацярпелыя ад Чарнобыльскай катастрофы, некалі шматлюдныя, багатыя сваімі культурнымі і духоўнымі традыцыямі. Жалезнякі, Грамыкі (радзіма міністра замежных спраў Савецкага Саюза Андрэя Андрэевіча Грамыкі), Неглюбка – вёска ў Веткаўскім раёне, здавён вядомая адметным стылем народнага ткацтва. Прыгажосць краявідаў знайшла адлюстраванне і ў характарах мясцовых жыхароў, іх мудрасці, сціпласці і адказнасці ў адносінах да людзей, да Бога, да зямлі, да працы.

Прыкладам таму – ураджэнец Неглюбкі, святар Аляксій Крацянкоў, пра якога мы даведаліся ад настаяцеля неглюбскага храма ў гонар Свяціцеля Мікалая Цудатворцы айца Фёдара Ерамейчыка. Нарадзіўшыся ў Неглюбцы, на беларуска-расійска-украінскім  памежжы, дзе ў культуры перапляліся сялянскія, шляхецкія, стараверскія і казацкія традыцыі, у сям’і селяніна Пятра Крацянкова, Аляксій увабраў у сябе ўсе лепшыя духоўныя рысы сваіх землякоў.

Атрымаўшы настаўніцкую адукацыю на радзіме,  ён выкладаў у царкоўна-прыходскай школе роднай вёскі, а ў 1911 годзе, у 33 гады, пасля заканчэння ў Маскве Пастырскіх курсаў, прыняў сан святара і быў накіраваны на служэнне ў Табольскую губерню, а ў 1929 годзе – ў Ірбіцкую акругу Екацярынбургскага (Свярдлоўскага) раёна, дзе праз год прыняў пакутніцкую смерць ад рук бязбожнай улады, якую ён не мог прыняць па сваіх перакананнях.  У бяседах з прыхаджанамі ён казаў: “Зараз многія святары кідаюць цэрквы, здымаюць сан, я жа ні воднага воласу са сваёй галавы не прадам і за тысячу рублёў, памру за царкву”. 

Пасля арышту і трохмесячнага зняволення, 11 красавіка 1930 года, Аляксій Крацянкоў быў асуджаны да расстрэлу, які праз тыдзень быў здзейснены каля сцяны Ірбіцкай турмы. На гэтым месцы  зараз знаходзіцца паклонны крыж.

Іерэй Аляксій Крацянкоў быў кананізаваны як свяшчэннамучанік Аляксій Ірбіцкі. Дзень яго памяці – 18 красавіка, у дзень расстрэлу, а таксама ў Саборы Екацярынбургскіх святых і ў Саборы навамучанікаў і вызнаўцаў Расійскіх.

Аб пакутніцкім подзвігу земляка ў Неглюбцы, і ўвогуле на Гомельшчыне, даведаліся толькі некалькі гадоў таму, калі атрымалі пісьмо з Екацярынбургскай епархіі.  З таго часу штогод на яго радзіме, ў храме Святога Мікалая Цудатворцы, у дзень памяці святога Аляксія служыцца ўрачыстая літургія.

Храм у гонар Свяціцеля Мікалая Цудатворцы быў заснаваны насельнікамі Кіева-Пячорскай Лаўры ў 1761 годзе, разрабаваны ў канцы 1930-х і канчаткова разбураны ў пасляваенны час. Аднаўленне праваслаўнага прыходу і будаўніцтва новага храма пачалося ў 1992 годзе. Асвячэнне храма адбылося ў 1998 годзе.

Ангеліна МІРОНЫЧАВА.


Рецензии