Мая Галгофа

О, Беларусь, мая Галгофа:
Дубовы крыж,
Зламаны лёс...
Не маеш мовы ты і Бога --
Стаіш, счарнелая ад слёз.

Дзе колер твой адвечны белы,
Дзе вышыванкі, паясы?
Чаму не стала ў людзях веры,
Чаму няма ў душы вясны?

Нясу свой крыж, а ў сэрцы роспач --
Шапочуць вусны слова: SOS!
Маўчаць сябры і ўсе, хто побач...
Маўчыць сам Бог. Маўчыць Хрыстос.

Зніякавелі песьні продкаў --
Боль Курапатаў знішчыў дух.
Краіна кпінаў і папрокаў
Не нарадзіла новых дум.

Жыве народ без прагі волі.
Той, хто жадаў яе -- маўчыць.
Мая сляза журботным болем
Застыгла крыжам на плячы.

17.09.2022.


Рецензии