Праменьчык надзеi

Я прачнуўся, а сонца на небе няма.
Шэры дзень апрануўся ў азызлыя хмары.
Гэта наша краіна. Гэта наша турма.
А ў турме не народзяцца светлыя мары.

Мае думкі скаваныя чорным таўром.
Мае вочы блукаюць па цёмным пакоі.
На стале -- недапітае піва і ром,
А на сэрцы няма а ні кроплі спакою.

Закрычу, каб суседзі пачулі мяне.
Можа, хто з іх у цемені той адгукнецца.
І пачварная цемра мой лёс абміне,
І святло разгарыцца ў сярэдзіне сэрца.

Гэтак думае сёння мая Беларусь.
Гэтак думаюць добрыя, шчырыя людзі,
Што пачатак духоўны ад неба бяруць
І святла,  што іх думкі свабодаю будзіць.

Мне прысніўся сягодня народны пратэст:
Мы да волі ішлі цераз пушчы і церні.
Хтосьці з вольнай трыбуны зачытваў свой тэкст.
Ад людзей адпаўзалі і хмары, і цені...

Загучаў у паветры Свабоды матыў --
Пасвятлелі дамы і прачнулася рэха.
Я пачуў ад каханай два словы. А ты? --
Промні светлай надзеі краналіся стрэхаў.

10.08.2021. Заслаўе


Рецензии